29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шэсць слуцкіх паясоў прыбылі з Варшавы для экспанавання ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца аддзела старажытнабеларускага мастацтва музея Алена Карпенка.
Паясы Слуцкай мануфактуры - экспанаты з багацейшых калекцый Нацыянальнага музея ў Варшаве. Збор музея налічвае 300 кунтушовых паясоў, з якіх 58 - слуцкія. Пяць паясоў на выстаўцы выкананы ў перыяд, калі прадпрыемствам кіравалі Ян і Лявон Маджарскія (1767-1807), адзін пояс створаны пасля 1807 года. Паясы былі набыты музеем у прыватных асоб у 1940-1960-я гады.
Сёння ў музеі манціруецца экспазіцыя, а з 5 лістапада выстаўка будзе адкрыта для шырокай публікі. Як адзначыла Алена Карпенка, выстаўка слуцкіх паясоў з Нацыянальнага музея ў Варшаве рэалізуецца згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння старадаўняга майстэрства ткацтва.
Гэта не першы выставачны праект, калі слуцкія паясы часова вяртаюцца на радзіму. У Мінску "гасцілі" экспанаты з Масквы, Львова, Вільнюса.
Кунтушовы пояс - абавязковы аксесуар мужчынскага параднага адзення шляхты Рэчы Паспалітай, высокі ўзор ручнога ткацтва. Адмыслова выкананыя шэдэўры ствараліся на працягу сярэдзіны XVIII - першай палавіны XIX стагоддзя на мануфактурах, самай вядомай з якіх была Слуцкая, і насіліся звычайна на кунтушы - верхнім адзенні з разрэзанымі спушчанымі рукавамі.
На выстаўцы прадстаўлены пяць чатырохбаковых і адзін двухбаковы пояс. Такія паясы па праву стаяць у адным радзе з найвялікшымі дасягненнямі сусветнай культуры дзякуючы своеасаблівай вытанчанай арнаментыцы, кампазіцыйнай гармоніі, колеру, тонкаму мастацкаму густу. Убачыць шэдэўры ткацтва мінчане і госці сталіцы змогуць да 6 красавіка будучага года.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|