28 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нью-Ёрку сёння стартуе 143-і адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе, апошні ў сезоне турнір серыі "Вялікага шлема". У ім выступяць шэсць прадстаўнікоў Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У жаночым адзіночным разрадзе першай з беларусак на корт выйдзе экс-першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка (18-ы нумар рэйтынгу WTA), якая сустрэнецца з французскай тэнісісткай Фіёнай Феро (190). Аляксандра Сасновіч (92) згуляе з полькай Магдай Лінет (24), а саперніцай Арыны Сабаленка (2) будзе прадстаўніца Бельгіі Марына Занеўская (112). У 1/32 фіналу парнага разраду беларуска Лідзія Марозава і бразільянка Інгрыд Марцінс сустрэнуцца з расійска-амерыканскім дуэтам Настасся Патапава / Бэтані Матэк-Сандс. Беларуска-грузінская пара Ірына Шымановіч / Аксана Калашнікава будуць сапернічаць з амерыканкай Дэзірэ Краўчык і Дэмі Схюрс з Нідэрландаў.
У 1/64 фіналу мужчынскага адзіночнага разраду апанентам беларуса Ільі Івашкі (103) будзе аргенцінец Хуан Мануэль Чэрундала (93).
Матчы US Open-2023 пройдуць на адкрытых хордавых кортах "Флашынг Медоўз" з 28 жніўня па 10 верасня. Агульны прызавы фонд турніру ў гэтым годзе складзе рэкордную суму - $65 млн. Пераможцы ў мужчынскім і жаночым адзіночных разрадах атрымаюць па $3 млн. У мінулым годзе чэмпіёнамі сталі іспанец Карлас Алькарас і полька Іга Свёнтак.