15 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі хакеіст Ягор Шаранговіч стаў рэкардсменам сярод беларускіх хакеістаў па колькасці рэзультатўынх балаў за адзін рэгулярны чэмпіянат НХЛ, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У ноч на панядзелак па мінскім часе клуб беларуса "Калгары" прымаў "Арызону". Сустрэча закончылася на карысць гаспадароў (6:5), у канцы другога перыяду Шаранговіч стаў аўтарам чацвёртай шайбы "агеньчыкаў". За 80 матчаў чэмпіянату Ягор набраў 59 (31+28) балаў і пабіў беларускі рэкорд Міхаіла Грабоўскага, які ў сезоне 2010/11 у складзе "Таронта" зарабіў 58 (29+29) рэзультатыўных балаў. Да заканчэння "рэгуляркі" "Калгары" засталося правесці два матчы - з "Ванкуверам" 17 красавіка і супраць "Сан-Хасэ" 19 красавіка.
Таксама ўдзел у сённяшнім паядынку прыняў наш абаронца "Арызоны" Уладзіслаў Калячонак. У пачатку стартавай трэці беларус набраў сваё трэцяе ачко ў бягучым сезоне НХЛ, асісціраваўшы Маціясу Мачэлі. У заключным матчы чэмпіянату "Арызона" згуляе супраць "Эдмантана" 18 красавіка.