22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч правядзе другі матч кваліфікацыйнага этапу адкрытага чэмпіянату Францыі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння саперніцай беларускі, якая займае 104-е месца ў сусветным рэйтынгу, будзе турэцкая тэнісістка Зейнеп Сонмез, у якой 157-я пазіцыя. Пераможца іх сустрэчы згуляе ў вырашальным паядынку за выхад у асноўную сетку з пераможцай харвацкага дэрбі Яна Фет (126-ы нумар рэйтынгу WTA) - Леа Бошкавіч (210). У першым раўндзе кваліфікацыі Аляксандра Сасновіч упэўнена абыграла прадстаўніцу Францыі Джэні Лім - 6:4, 6:2.
Яшчэ дзве беларускі пацярпелі паражэнні на старце кваліфікацыі: Ірына Шымановіч (203) прайграла чэшцы Ліндзе Фрухвіртавай (146) - 4:6, 2:6, Алёна Фалей (175) уступіла румынцы Мірыям Булгару (204) - 4:6, 7:5, 6:7 (3:10).
Без удзелу ў кваліфікацыі другога ў сезоне турніру серыі "Вялікага шлема" згуляюць дзве прадстаўніцы Беларусі - Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка.
Паядынкі асноўнага этапу спаборніцтваў на парыжскіх кортах "Ралан Гарос" пачнуцца 26 мая, а завершыцца турнір 9 чэрвеня. У гэтым годзе агульны прызавы фонд French Open складзе 53,5 млн еўра, што з'яўляецца рэкордам за ўсю гісторыю. Пераможцы ў мужчынскім і жаночым адзіночным разрадзе атрымаюць па 2,4 млн еўра.