12 ліпеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Самы поўны каталог твораў вядомага мастака Юдэля Пэна выйшаў у свет у выдавецтве "Беларусь" і прэзентаваны сёння ў Віцебскім мастацкім музеі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзентацыя выдання стала ключавым момантам адкрыцця выставы твораў Юдэля Пэна "Люблю партрэтнасць Віцебска" з фондаў музея. Дырэктар установы Вольга Акуневіч адзначыла, што гэта ўжо другі каталог. Першы быў выдадзены ў 2006 годзе і ўключаў толькі частку калекцыі мастацкага музея (якая, дарэчы, лічыцца самым багатым зборам творчай спадчыны Юдэля Пэна). "Новы альбом літаральна ўчора выйшаў з друкарні. У каталог уключаны 223 творы мастака: 183 - з фондаў віцебскага музея, 37 - са збору Нацыянальнага мастацкага музея, два - з Нацыянальнага гістарычнага і адзін - з Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.Масленікава", - адзначыла Вольга Акуневіч.
Яна растлумачыла, што рашэнне аб выданні першапачаткова належала Віцебскаму аблвыканкаму, на гэтыя мэты ў бюджэце бягучага года былі закладзены сродкі, аднак значнасць імя мастака, асабліва ў Год культуры, зрабіла праект нацыянальным. Заказчыкам выступіла Міністэрства інфармацыі Беларусі. Першы тыраж склаў тысячу экзэмпляраў. І першая кніга, прывезеная ў Віцебск, была ўрачыста падорана на прэзентацыі аднаму з ініцыятараў выдання - старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміру Цярэнцьеву.
Як адзначылі госці, якія выступалі, для Віцебска выдатны дзеяч "яўрэйскага рэнесансу" ў мастацтве пачатку XX стагоддзя Юдэль Пэн - фігура асаблівага значэння. Ён вядомы як настаўнік Марка Шагала, але ў яго было больш за тысячу вучняў. "Я сказала б, што ён з вышыні свайго мастацкага росту кінуў у віцебскае асяроддзе, нібыта ў сусветны булён, першую малекулу, якая дала свету ўсё астатняе, спарадзіла світанне мастацтва ў нашым горадзе", - сказала на заканчэнне мастацтвазнаўца Таццяна Катовіч.