18 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У палацава-паркавым ансамблі Сапегаў у Ружанах плануюць закансерваваць руіны цэнтральнага корпуса і аркад, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела па каардынацыі дзейнасці арганізацый культуры ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Арцём Брухан.
Рэстаўрацыйныя работы ў Ружанскім палацы пачаліся ў 2008 годзе. За гэты час абноўлены цэнтральныя ўязныя вароты - брама, адноўлены бакавыя флігелі. Цяпер рэстаўратары карпатліва адраджаюць усходні або тэатральны корпус. Па праекце там плануецца размясціць шматфункцыянальны культурны комплекс, невялікую гасцініцу і кафэ. Убранне будзе ў барочным стылі. Таксама цяпер спецыялісты даследуюць руіны цэнтральнага корпуса і аркады для далейшай кансервацыі.
Старадаўняя рэзідэнцыя Сапегаў разам з Косаўскім палацам утвараюць турыстычны кластар. "У Косаўскім палацы амаль год таму адкрыліся гасцініца і кафэ. Безумоўна, гэта павялічыла колькасць наведвальнікаў. Характэрна, што помнік архітэктуры стаў больш папулярным у беларускіх турыстаў. Ён прываблівае сваёй прыгажосцю і навакольнай прыродай", - падкрэсліў Арцём Брухан. Аднаўленне Косаўскага палаца спецыялісты таксама пачалі ў 2008 годзе.
Яшчэ адным месцам прыцягнення турыстаў абяцае стаць старадаўняя сядзіба Рэйтанаў у Ляхавіцкім раёне. У гэтым годзе яе пачалі рэканструяваць па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва "Польшча - Беларусь - Украіна". Праект прадугледжвае аднаўленне даху і фасадаў драўлянага будынка. "Сядзіба ў Грушаўцы ў перспектыве стане гісторыка-культурным і турыстычным комплексам. Таксама там ёсць капліца роду Рэйтанаў. Яна закансервавана на сродкі міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Гэта вельмі важны аспект для захавання помніка", - сказаў Арцём Брухан.
Яшчэ адным знакавым для Брэсцкай вобласці помнікам архітэктуры можна назваць капліцу-пахавальню роду Ажэшка ў вёсцы Закозель Драгічынскага раёна. Гісторыка-культурная каштоўнасць была ў аварыйным стане. Цяпер там вядуцца работы па кансервацыі, каб не дапусціць абрушэння выдатнай мясціны. Дарэчы, у народзе яе называюць беларускім Нотр-Дамам.
Усяго ў Брэсцкай вобласці налічваецца 342 помнікі архітэктуры XVI-ХХ стагоддзяў.