14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў 23 верасня адкрыецца выстаўка "Паланэз", прысвечаная 250-годдзю з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Аб гэтым БЕЛТА паведаміла намеснік дырэктара па выставачнай дзейнасці Рэспубліканскай мастацкай галерэі Наталля Барсукова.
На выставачнай плошчы 1,2 тыс. кв.м размешчана каля 250 работ больш як 60 аўтараў. Усе работы аб'ядноўвае прыналежнасць да беларускай школы выяўленчага мастацтва. У кожнай з іх зашыфраваны ўнікальны код беларускай нацыі.
У мастацкай галерэі ўпэўнены, што экспазіцыя зацікавіць шырокае кола наведвальнікаў, паколькі ўключае ў сябе розныя віды выяўленчага мастацтва: жывапіс, графіку, скульптуру, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, а таксама дызайн.
"Лейтматывам выстаўкі стаў надзвычай сардэчны, напоўнены любоўю да Айчыны сусветна вядомы музычны твор "Развітанне з Радзімай". Выстаўка "Паланэз" яскрава сведчыць аб тым, што для беларускіх тварцоў Міхал Клеафас Агінскі з'яўляецца не проста цудоўнай гістарычнай асобай, персанажам са школьных падручнікаў. У работах мастакоў, натхнёных яго творчасцю, відавочна непарыўная сувязь мінулага і сучаснага, адчуваюцца імпульсы новага жыцця беларускай спадчыны", - адзначыла Наталля Барсукова.
Выстаўка будзе працаваць з 23 верасня па 4 кастрычніка 2015 года.