26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парк высокіх тэхналогій аб'яўляе конкурс #IT_link у сферы інфармацыйных тэхналогій для школьнікаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ПВТ.
"Мы запрашаем юных і таленавітых, цікаўных і актыўных, будучых вучоных або зорак ІТ прыняць удзел у конкурсах для школьнікаў у сферы інфармацыйных тэхналогій #IT_link. Школьнікі з 1-га па 11-ы клас змогуць праявіць сябе і пазмагацца за перамогу і прызы ў адным з конкурсаў у адпаведнасці са сваім узростам і інтарэсамі", - растлумачылі ў прэс-службе.
Самыя маленькія ўдзельнікі - вучні 1-3-х класаў - змогуць прыняць удзел у конкурсе дзіцячага малюнка "ІТ вачамі дзяцей". Дзеці старэйшыя, вучні 4-6-х класаў, будуць удзельнічаць у конкурсе дзіцячых работ "ІТ-фантазія", у якім змогуць адчуць сябе ў ролі будучых вынаходнікаў.
"Для тых школьнікаў, перад якімі хутка паўстане няпросты выбар будучай прафесіі, падрыхтаваны спецыяльны конкурс "Прафесія ў IT". Самай галоўнай і ўнікальнай узнагародай будзе магчымасць правесці дзень у ролі сапраўднага IT-прафесіянала і нават паўдзельнічаць у рэальных праектах у адной з кампаній - рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій. Да ўдзелу запрашаюцца вучні 7-9-х класаў. А ў школьнікаў старшых класаў (10-11-х), юных "айцішнікаў", якія сур'ёзна пачалі рабіць першыя крокі ў гэтай сферы, ёсць сапраўдная магчымасць атрымаць экспертную ацэнку свайго праекта і сустрэцца з патэнцыяльным інвестарам, стаўшы пераможцам у конкурсе "IT-ідэя", - адзначылі спецыялісты прэс-службы.
#IT_link стартаваў 20 сакавіка і прадоўжыцца да 22 мая. Прыём работ заканчваецца 6 мая. Спісы пераможцаў конкурсу будуць апублікаваны да 22 мая 2015 года.