17 чэрвеня, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя і рэгіянальнага развіцця Латвійскай Рэспублікі абмяркоўваюць стварэнне новай трансгранічнай прыродаахоўнай тэрыторыі. Аб гэтым паведаміў сёння ў час сустрэчы беларуска-латвійскай камісіі па каардынацыі пытанняў аховы і ўстойлівага развіцця трансгранічных прыродаахоўных тэрыторый намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Ігар Качаноўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Асноўная мэта нашага супрацоўніцтва з Латвіяй - стварэнне трансгранічных асабліва ахоўных тэрыторый. Першая такая тэрыторыя створана - "Аўгшдаўгава - Браслаўскія азёры". Цяпер мы разглядаем магчымасць стварэння новай трансгранічнай прыродаахоўнай тэрыторыі. Гэты пункт павінен увайсці ў план нашага супрацоўніцтва на бліжэйшыя два гады, які мы падпішам сёння", - адзначыў ён.
Ігар Качаноўскі удакладніў, што размова ідзе таксама аб Браслаўскім раёне. "Там ёсць выдатнае возера Рычы, па якім праходзіць дзяржаўная граніца. Такія аб'екты трэба захаваць, а для гэтага неабходна весці работу па абодва бакі граніцы", - падкрэсліў ён і паведаміў, што Мінпрыроды рыхтуе цяпер план кіравання гэтай тэрыторыяй, які будзе абмяркоўвацца з латвійскімі калегамі. "Важна адзначыць, што і з нашага, і з латвійскага боку - гэта ахоўныя тэрыторыі. З беларускага боку створаны рэспубліканскі гідралагічны заказнік "Рычы", з латвійскага - ахоўны прыродны ландшафт "Сілінэ", - растлумачыў Ігар Качаноўскі. Цяпер ідзе падрыхтоўка праектнай заяўкі ў рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства на 2014-2020 гады.
Гаворачы аб ужо створанай прыродаахоўнай тэрыторыі "Аўгшдаўгава - Браслаўскія азёры", Ігар Качаноўскі адзначыў, што гэта выдатны прыклад беларуска-латвійскага супрацоўніцтва. "У далейшым мы прадоўжым работу на гэтай тэрыторыі: будзе арганізаваны абмен інфармацыяй, сумесныя навуковыя даследаванні, інспектарская работа", - адзначыў намеснік міністра.
Начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Наталля Мінчанка расказала, што на рэалізацыю праекта "Стварэнне трансгранічнай асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі "Аўгшдаўгава - Браслаўскія азёры" было выдзелена больш за 200 тыс. еўра. Праект фінансаваўся са сродкаў Еўрасаюза.
Беларуска-латвійская камісія па каардынацыі пытанняў аховы і ўстойлівага выкарыстання трансгранічных прыродаахоўных тэрыторый была створана ў 2010 годзе. Сёння прайшло першае афіцыйнае пасяджэнне камісіі на ўзроўні прыродаахоўных ведамстваў дзвюх краін.