6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прынята рашэнне аб прадаўжэнні ў Беларусі на тыдзень вясенніх школьных канікулаў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.
Міністр адукацыі Ігар Карпенка далажыў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку аб сітуацыі, сабраўшы папярэдне меркаванні і звароты бацькоў вучняў. Канчатковае рашэнне прынята - канікулы будуць прадоўжаны на тыдзень.
Міністэрства адукацыі інфармуе, што тэрміны вясенніх канікулаў прадаўжаюцца на 6 дзён - з 6 па 11 красавіка ўключна. Адукацыйны працэс у чацвёртай чвэрці будзе ажыццяўляцца з 13 красавіка па 30 мая 2020 года.
Як паведамлялася БЕЛТА, напярэдадні ў час размовы з прадстаўнікамі СМІ Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што, хутчэй за ўсё, прыме рашэнне аб прадаўжэнні вясенніх школьных канікулаў. "Я ў гэтай сітуацыі сам знаходжуся як бацька. І я лічу, што патрабаванні прадоўжыць канікулы з боку бацькоў, медыцыны - гэта няправільна. Але некалі я сказаў, што мы не будзем стаяць над бацькамі. Гэта іх дзеці, іх жыццё. І як яны прымуць рашэнне ў гэтым каронапсіхозе, так і будзе. Таму я катэгарычна супраць, я не згодны, што трэба дзіця выключыць з дзіцячага сада або школы, прадоўжыўшы канікулы. Але калі паабяцаў, што будзе так, як просяць бацькі, так і будзе", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Хутчэй за ўсё, мы прадоўжым на тыдзень канікулы. Выключна таму, што гэтага хочуць бацькі і не ўсе адпускаюць дзяцей у школу ў гэты перыяд. Я разумею бацькоў. Тут здаровы чалавек без дзяцей захварэе ад таго, што адбываецца вакол", - дадаў Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка ў час размовы з журналістамі.