13 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава жывапісу мастака Андрэя Крылова адкрываецца сёння ў палацы Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.
Экспазіцыя прымеркавана да 60-годдзя аўтара. Наведвальнікі ўбачаць больш за 40 твораў розных перыядаў яго жыцця. У работах выразна прасочваецца аўтарскі жывапісны стыль майстра. "Бесперастанна эксперыментуючы, у аснову сваіх палоцен ён паклаў прыёмы абстрактнага экспрэсіянізму, заснаванага на выяўленні ўнутранага свету і адчуванняў. Ключавой тэмай усіх работ мастака з'яўляецца прыгажосць чалавечай душы і светаўспрымання", - падкрэслілі ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе.
Паводле слоў спецыялістаў, Андрэй Крылоў выказвае адносіны да навакольнага свету мовай колеру і шматлікіх сімвалаў. У сваёй творчасці мастак-філосаф звяртаецца да спрадвечных тэм прыгажосці, дабра і святла. На яго палотнах праз невыразную, як правіла, мяккага каларыту заслону ледзь улоўна выступаюць тонкія і загадкавыя вобразы. "Незвычайны эфект іх успрымання дасягаецца дзякуючы асаблівым фарбам, створаным на аснове нанатэхналогій, якія ў станковым жывапісе мастак прымяніў адным з першых. З іх дапамогай каляровая гама карціны пераліваецца і зіхаціць. Дзіўная рыса майстра - напаўняць прастору карцін паветрам і святлом, напоеныя сонцам палотны нібыта вылучаюць энергетыку любві", - звярнулі ўвагу ў палацы.
Андрэй Крылоў нарадзіўся ў 1962 годзе ў Віцебскай вобласці ў сям'і мастака-жывапісца Валянціна Крылова. Творчую кар'еру пачаў у 1991 годзе. На рахунку Андрэя Крылова больш за 30 персанальных выстаў у розных гарадах Беларусі і за яе межамі. Майстар удзельнічаў у шматлікіх пленэрах, у 2005 годзе - у V Міжнародным біенале ў Фларэнцыі. Работы аўтара знаходзяцца ў музеях сучаснага мастацтва краіны і за мяжой, у прыватных калекцыях.