11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ера фільма "Кіношнікі" беларускага рэжысёра Кірыла Халецкага, знятага Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм", адбудзецца ў кінатэатры "Мір" 12 снежня, паведамілі БЕЛТА на кінастудыі.
"Кіношнікі" - гэта гісторыя пра маладога выпускніка творчай ВНУ Колю, які трапіў па размеркаванні на кінастудыю і хоча зняць аўтарскую стужку. Паступова рухаючыся да сваёй мары, галоўны герой з нуля асвойвае сферу кінавытворчасці. Гэта аказваецца не так лёгка, як ён думаў.
"Фільм дае магчымасць кожнаму гледачу ўбачыць унікальную, асабістую гісторыю. Гэта і ёсць самае цудоўнае ў кінематографе: людзі ў кіназале бачаць адны і тыя ж кадры, вось толькі разумеюць іх кожны па-свойму", - адзначыў Кірыл Халецкі.
Карціна прымеркавана да 100-годдзя беларускага кіно, яна была выбрана фільмам адкрыцця XXIX Мінскага міжнароднага фестывалю "Лістапад". На кінафестывалі яна атрымала ўзнагароду за "Шчырасць і жыццярадаснасць" у намінацыі "Кіно маладых" і спецыяльны прыз Мінгарвыканкама.