17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прах мецэната беларускага адраджэння пачатку XX стагоддзя княгіні Магдалены Радзівіл перададзены мінскаму Чырвонаму касцёлу. Такую інфармацыю карэспандэнту БЕЛТА пацвердзілі ў каталіцкім прыходзе святога Сымона і святой Алены.
Прах княгіні са Швейцарыі даставіў Аляксандр Сапега - намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі. Ён быў перададзены ў час VII З'езда беларусаў свету, які прайшоў у Мінску.
Месца, дзе будуць пахаваны астанкі, не вызначана. Пакуль прах будзе знаходзіцца ў Чырвоным касцёле, побач з якім у свой час пражывала Магдалена Радзівіл.
Аб намеры сваякоў перапахаваць Магдалену Радзівіл у Мінску ў 2016 годзе заявіў князь Мацей Радзівіл. Такое рашэнне было прынята праўнукамі княгіні.
Да гэтага часу прах знаходзіўся ў горадзе Фрыбур, размешчаным на захадзе Швейцарыі. Лёс склаўся так, што ў 1918 годзе Магдалена Радзівіл вымушана была эмігрыраваць з Беларусі. Жыла ў Польшчы, Літве, Германіі. З 1932 года - у Фрыбуры, дзе і памерла ў 1945 годзе ва ўзросце 83 гадоў.