24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інтэрнэт-праект "Хроніка Перамогі" Беларускага тэлеграфнага агенцтва заняў адно з першых месц на штогадовай інтэрнэт-прэміі "ТІБО-2015", паведаміў карэспандэнт БЕЛТА.
Праект БЕЛТА стаў лепшым у намінацыі "Сайт, прысвечаны Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў". Як адзначыў першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі, у гэтай намінацыі былі прадстаўлены інтэрнэт-рэсурсы, якія расказваюць аб гераічнай барацьбе савецкага народа. На думку першага намесніка міністра, рэалізацыя такіх праектаў у ІТ-сферы важна для выхавання падрастаючага пакалення, дае магчымасць азнаёміцца з гісторыяй, вывучыць яе глыбей і дапамагае захаваць памяць аб вайне.
Адрас інтэрнэт-праекта "Хроніка Перамогі" http://peramoga.belta.by/. Тут сканцэнтраваны вялікі аб'ём матэрыялаў і фота для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Для зручнасці карыстальнікаў інфармацыя разбіта па тэматычных рубрыках.
На сайце можна знайсці падрабязнасці аб баях, якія, на думку гісторыкаў, вызначылі ўвесь ход Другой сусветнай вайны і сталі вырашальнымі для Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай. Асобная рубрыка прысвечана хроніцы вызвалення Беларусі. Раздзел "Рубяжы" расказвае не толькі аб тых мясцінах на тэрыторыі Беларусі, дзе ў гады вайны змагаліся з ворагам, але і аб тых, дзе гітлераўцы і іх памагатыя забівалі сотнямі і тысячамі мірных жыхароў, дзе ў брацкіх магілах ляжаць нашы дзяды і прадзеды.
Цэлай плеядзе сапраўды яркіх, моцных асоб, якія ўзначальвалі агульнанародную барацьбу з захопнікамі, прысвечаны раздзел "Легендарныя камбрыгі". А ў рубрыцы "Гісторыя адной фатаграфіі" цікавымі падрабязнасцямі са свайго ваеннага і пасляваеннага жыцця дзеляцца героі фотаздымкаў.
Трэба адзначыць, што на сайце прадстаўлена вялікая колькасць унікальных фатаграфій, якія даюць магчымасць паглядзець на падзеі тых далёкіх дзён. У фотагалерэі можна ўбачыць эксклюзіўныя здымкі карэспандэнтаў БЕЛТА аб баявых дзеяннях і жыцці людзей на акупіраванай тэрыторыі, этапах аднаўлення краіны і ўсенародным свяце - Дні Перамогі. Дзякуючы супрацоўніцтву з Нацыянальнай бібліятэкай падрыхтавана рубрыка з фотакопіямі сатырычнага выдання "Раздавим фашистскую гадину", што выходзіла з ліпеня 1941 года па май 1945-га.