13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі шасці краін прымуць удзел у першай міжнароднай выстаўцы-прэзентацыі "100 ідэй для СНД", паведаміў на прэс-канферэнцыі першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У экспазіцыю ўвойдуць 38 аўтарскіх распрацовак фіналістаў праекта з Азербайджана, Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі.
Работы маладых інаватараў з СНД будуць прадстаўлны ў васьмі намінацыях: "Прамысловыя тэхналогіі і вытворчасць", "Хімічныя тэхналогіі і біятэхналогіі", "Культура", "Адукацыя", "Ахова здароўя", "Медыцына, медыцынская тэхніка і тэхналогіі, фармацыя", "Інфармацыйныя тэхналогіі (IT-сфера)", "Гасціннасць: турызм і нацыянальная культура".
Урачыстае адкрыццё выстаўкі адбудзецца 14 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Вынікі конкурсу плануецца падвесці 15 красавіка ў час урачыстай цырымоніі ўзнагароджання фіналістаў.
Выстаўка стане цэнтральным мерапрыемствам пасяджэння Савета па справах моладзі дзяржаў - удзельніц СНД, якое пройдзе 14-15 красавіка ў Мінску. На пасяджэнні члены савета падвядуць вынікі выканання плана мерапрыемстваў на 2014-2015 гады па рэалізацыі Стратэгіі міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД на перыяд да 2020 года і абмяркуюць ход выканання плана мерапрыемстваў на 2016-2017 гады. У цэнтры ўвагі таксама будуць пытанні развіцця маладзёжнага грамадскага руху, дзейнасці базавых арганізацый СНД па развіцці маладзёжнага прадпрымальніцтва і рабоце з моладдзю, удасканаленне нарматыўных прававых актаў у сферы маладзёжнай палітыкі.
Акрамя таго, плануецца зацвердзіць склад рабочай групы па падрыхтоўцы праекта Канцэпцыі развіцця маладзёжнага валанцёрскага руху на прасторы СНД, разгледзець пытанні падрыхтоўкі зборніка, прысвечанага 25-годдзю ўтварэння СНД і 10-годдзю дзейнасці Савета па справах моладзі і далейшай рэалізацыі Міжнароднага маладзёжнага праекта "100 ідэй для СНД".
На пасяджэнні савета ў Мінску будзе выбраны новы старшыня.