24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадметы традыцыйнага індыйскага мастацтва папоўняць калекцыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва краін Усходу Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі.
Па ініцыятыве Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Індыі ў Беларусі Панкаджа Саксена ў калекцыю музея будуць перададзены два экспанаты. Урачыстая цырымонія пройдзе 26 ліпеня.
Які менавіта дар будзе паднесены галоўнаму музею краіны, індыйскае пасольства пакуль трымае ў тайне. Аднак памеры экспанатаў, іх мастацкая каштоўнасць і значнасць даюць магчымасць сцвярджаць, што іх з'яўленне ў пастаяннай экспазіцыі беларускага музея паслужыць развіццю цікавасці і ўзаемаразумення паміж дзвюма краінамі, адзначылі ў музеі.
Нацыянальны мастацкі музей Беларусі і пасольства Індыі звязвае шматгадовае плённае супрацоўніцтва. Індыйскае традыцыйнае мастацтва прадстаўлена ў пастаяннай экспазіцыі музея ў зале "Мастацтва краін Усходу".
Цырымонія будзе суправаджацца жывым гучаннем нацыянальнай музыкі Індыі ў выкананні беларускіх музыкантаў. Мерапрыемства прымеркавана да бясплатнага дня ў музеі, уваход свабодны.