29 ліпеня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Першы самалёт "Белавія" ў фірменных колерах World of Tanks прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Танк - ключавы элемент гульні, выкананы на паветраным судне ў выглядзе арнаменту. Сам самалёт чорнага колеру з аранжавымі ўстаўкамі, што сустракаецца не часта. І наогул, як падкрэслілі арганізатары мерапрыемства, перафарбоўка самалёта ва ўнікальную ліўрэю - даволі рэдкая з'ява. Для авіякампаніі "Белавія" і World of Tanks - гэта першы такі праект. Асноўная ідэя брэндзіраванай ліўрэі - паказаць, што гульня, вядомая ва ўсім свеце, родам з Беларусі.
Для афарбоўкі самалёта было выкарыстана 300 л фарбы і 450 кв.м трафарэтаў. Пры афарбоўцы было задзейнічана 13 спецыялістаў, а сам працэс заняў 1800 чалавека-гадзін. Работы праводзіліся кругласутачна на адным з заводаў у Чэхіі.
Паветранае судна ў ліўрэі World of Tanks будзе эксплуатавацца на ўсіх лініях маршрутнай сеткі "Белавія". Першы свой рэйс брэндзіраваны борт зробіць па маршруце Мінск-Масква-Мінск.
Авіякампанія "Белавія" - буйнейшы авіяперавозчык Беларусі, які ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 47 аэрапортаў 28 краін Еўропы і Азіі.
World of Tanks
- гэта масавая анлайн-гульня, поўнасцю прысвечаная браніраваным машынам сярэдзіны XX стагоддзя, у якой змагаюцца прыхільнікі стальных гігантаў з усіх куткоў планеты. Створана буйнейшай сусветнай кампаніяй Wargaming, заснаванай у Беларусі ў 1998 годзе.