5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У гэту суботу, 7 снежня, у "Мінск-Арэне" пройдзе маштабнае спартыўна-забаўляльнае шоу "Час нашых перамог", паведамляе БЕЛТА.
Назва выбрана невыпадкова і пераклікаецца з канцэпцыяй шоу. Паводле задумы арганізатараў, яна дзеліцца на 12 тэматычных блокаў - па аналогіі з цыферблатам: "Час марыць", "Час любіць", "Час ствараць", "Час сябраваць". Заключным блокам стане "Час нашых перамог".
Кожная глава ўключае некалькі нумароў. Гасцей "Мінск-Арэны" чакаюць выступленні чэмпіёнкі свету і Еўропы, бронзавага прызёра Алімпійскіх гульняў у Токіа, заслужанага майстра спорту Рэспублікі Беларусь Аліны Гарнасько, двухразовага Алімпійскага чэмпіёна, майстра спорту міжнароднага класа Івана Літвіновіча, сярэбранага прызёра Алімпійскіх гульняў у Парыжы, майстра спорту міжнароднага класа Віялеты Бардзілоўскай, а таксама многіх іншых знакамітых спартсменаў.
Музычныя нумары прадставяць Настасся Краўчанка, Мікіта Бялько, Арцём Скароль, Валерыя Бернатовіч і іншыя маладыя беларускія артысты. Акрамя таго, выступленні спартсменаў будуць суправаджацца кампазіцыямі ў выкананні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.
У спартыўна-забаўляльным шоу ўдзельнічаюць беларускія спартсмены і артысты, а таксама госці з Расіі і Кітая. Чакаюцца выступленні спартсменаў дзвюх гімнастычных школ Расіі - Аліны Кабаевай і Ірыны Вінер, а таксама ансамбля з кітайскай правінцыі Ганьсу, які дэманструе акрабатычнае майстэрства.
Гэта першы праект такога маштабу. Арганізатары называюць яго часткова эксперыментальным. Менавіта таму на яго нельга было набыць білеты. На спартыўна-забаўляльнае шоу запрасілі ў асноўным студэнцкую і рабочую моладзь. Але арганізатары не выключаюць: калі ўсё атрымаецца так, як задумваецца, "Час нашых перамог" атрымае прадаўжэнне і яго змогуць убачыць больш беларусаў.
У праграме будзе месца для выступлення маладых людзей з абмежаванымі здольнасцямі. Прызёры кубкаў свету па спартыўных танцах на калясках, шматразовыя чэмпіёны Рэспублікі Беларусь з радасцю і вялікім энтузіязмам прынялі запрашэнне арганізатараў далучыцца да маштабнага шоу. Яны выступяць у час блока "Час цаніць".
Адным з пранізлівых блокаў арганізатары называюць "Час памятаць". Ён прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і будучаму 80-гадоваму юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.