3 сакавіка, Шчучын /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Першая Нацыянальная літаратурная прэмія будзе ўручана ў Дзень беларускага пісьменства ў Шчучыне 6 верасня. Рашэнне аб заснаванні прэміі прынялі сёння на пасяджэнні нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па правядзенні свята, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уручэнне Нацыянальнай прэміі ў галіне літаратуры стане першым такім мерапрыемствам у краіне, раней літаратараў ушаноўвалі ў абласцях або ў рамках іншых конкурсаў. Цырымоніі і самой прэміі плануецца надаць асаблівую важкасць і аўтарытэт, магчыма, з гэтай мэтай колькасць намінацый у параўнанні з абласнымі конкурсамі зменшыцца, а імёны ўладальнікаў прэміі прагучаць сапраўды гучна. "Нацыянальная прэмія павінна выступіць кансалідуючай літаратурную супольнасць, трэба паказаць значнасць і аўтарытэт паэтаў і пісьменнікаў у нашай краіне", - падкрэсліла на пасяджэнні міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.
Паводле слоў намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Наталлі Качанавай, пісьменнікі - галоўныя дзеючыя асобы Дня беларускага пісьменства, а літаратура - аснова ўсіх мастацтваў, менавіта гэта неабходна падкрэсліць у час нацыянальнага свята. Таму Дню беларускага пісьменства ўдзяляецца такая ўвага на дзяржаўным узроўні, яго наведваюць высокапастаўленыя госці, адзначыла яна.
Правесці цырымонію ўручэння прэміі прапануецца ў час адкрыцця свята. У ходзе далейшых мерапрыемстваў у літаратурнай сталіцы пісьменнікі і паэты сустрэнуцца з чытачамі, правядуць аўтограф-сесіі, стануць удзельнікамі канцэртаў, акцый.
XXII Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Шчучыне 6 верасня. Радзіма вядомай Цёткі (паэтэсы Алаізы Пашкевіч) і іншых людзей, якія ўнеслі ўклад у беларускую культуру, стане літаратурнай сталіцай упершыню.
Дзень беларускага пісьменства па традыцыі праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У розныя гады свята адзначалася ў Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім, Быхаве. Двойчы ўрачыстасці прымаў Полацк (1994, 2003), Тураў (1995, 2004) і Заслаўе (2000, 2014).