21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі ўзнагародзяць у час урачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства 31 жніўня, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры дырэктар выдавецтва "Мастацкая літаратура", старшыня журы Нацыянальнай літаратурнай прэміі Алесь Бадак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Удзел у конкурсе могуць прымаць грамадзяне Беларусі, а таксама замежных краін і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі нашай краіны. Удзельнікі конкурсу - аўтары арыгінальных твораў мастацкай літаратуры ў самых розных жанрах. Узнагароджванне пераможцаў традыцыйна праводзіцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў час Дня беларускага пісьменства", - расказаў Алесь Бадак.
"У гэтым годзе на конкурс было пададзена 49 заявак. Хоць заяўкі могуць падаваць самі аўтары, у асноўным заяўкі паступаюць ад беларускіх выдавецтваў. Ужо на першым этапе кнігі праходзяць адбор. Напрыклад, "Мастацкая літаратура" выдае кніг значна больш, чым падаецца на конкурс, але для ўдзелу ў конкурсе мы выбіраем самыя лепшыя з іх", - дадаў старшыня журы Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Сярод намінацый - "Лепшы твор або зборнік паэзіі", "Лепшы твор прозы", "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва", "Лепшы твор драматургіі", "Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства", "Лепшы твор публіцыстыкі", "Лепшы дэбют". Больш за ўсё кніг - 15 - было прадстаўлена ў намінацыі "Лепшы твор прозы". У намінацыі "Лепшы твор для дзяцей і юнацтва" было 13 кніг. На трэцім месцы па колькасці пададзеных заявак намінацыя "Лепшы твор публіцыстыкі".
Паводле слоў Алеся Бадака, на фестывалі кнігі і прэсы, які пройдзе ў ходзе Дня беларускага пісьменства 1 верасня, адбудуцца сустрэчы з лаўрэатамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі мінулых гадоў.