3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пазаконкурсная праграма "Беларуская панарама" прадставіць работы айчынных рэжысёраў на "Лістападзе-2016", паведамілі БЕЛТА арганізатары кінафоруму.
Вынесеная за дужкі конкурсу нацыянальнага кіно гэта праграма ўключае 6 карцін: ігравы "Май" рэжысёра Аляксея Свірскага і дакументальныя фільмы. У іх ліку "Некалькі сцэн з маёй дзяўчынай Волечкай Кавалёвай" рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага, чыя работа "Беларускі псіхапат" стала пераможцам конкурсу нацыянальнага кіно ў намінацыі "Лепшы мастацкі фільм" у мінулым годзе. Заяўлены таксама работы Арцёма Лобача "Беларускiя песні: традыцыя адлегласцi", Волі Дземка "Песнi старой Еуропы - старажытныя беларускiя народныя песнi", "Мой родны кут" рэжысёра Дзмітрыя Зайцава і "Дзэн-аўтамабілізм" Дзмітрыя Андрушына.
Асноўная праграма конкурсу нацыянальнага кіно пройдзе па трох намінацыях: ігравое кіно, дакументальнае кіно і анімацыя. Усяго 24 работы будуць аспрэчваць першынство на прызы: "За лепшы мастацкі фільм", "За лепшы дакументальны фільм", "За лепшы анімацыйны фільм", а таксама дыпломы. У намінацыі "Дакументальнае кіно" будзе прадстаўлена 9 работ беларускіх кінематаграфістаў, у анімацыі 5, у намінацыі "Ігравое кіно" будуць спаборнічаць 10 карцін.
Журы конкурсу нацыянальнага кіно ўзначаліць Наталля Дрозд, якая з'яўляецца расійскім арганізатарам прадзюсарскага адукацыйнага курса B’EST, з 2013 года выканаўчы дырэктар фонду P.O.V. - прыватнага фонду, падтрымліваючага развіццё (дэвелапмент) ко-прадукцыйных праектаў. У складзе журы таксама Артур Клінаў (Беларусь) і прадзюсар, рэжысёр, член Еўрапейскай кінаакадэміі Крысцін Камдэсю (Францыя).
Нацыянальны конкурс праводзіцца ўжо трэці раз і яго мэта - увесці беларускае кіно ў кантэкст сусветнай кінаіндустрыі. Гэта своеасаблівая дэманстрацыйная пляцоўка, дзе беларускія аўтары могуць прадставіць свае фільмы шырокай публіцы і атрымаць ацэнку прафесіяналаў высокага ўзроўню.
XXIII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 4 па 11 лістапада. Дырэкцыя галоўнай кінападзеі года - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарвыканкам пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.