19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава пераможцаў ІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай творчасці "Калядная палітра", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта выстава прымеркавана да навагодніх свят, каб упрыгожыць перадсвяточныя дні для дзяцей і парадаваць дарослых. На выставе прадстаўлены работы пераможцаў конкурсу "Калядная палітра", які праводзіўся другі раз. У конкурсе прынялі ўдзел 460 мастакоў ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі. На выставе прадстаўлены работы пераможцаў у розных стылях і жанрах: алейны жывапіс, пастэль і акварэль, выцінанка і аб'ёмнае пано. Мы хацелі паказаць дзіцячую творчасць, імкненне дзяцей тварыць, іх шчырасць, непасрэднасць, радасць ад жыцця і любоў да зімовых свят", - сказала член міжнароднага аб'яднання "Еўразійская мастацкая садружнасць", сакуратар фестывалю-конкурсу "Калядная палітра", мастачка Юлія Коба.
Уладальніца спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі "За выхаванне творчай моладзі" член журы фестывалю-конкурсу "Калядная палітра" Гунефа Мацюшэнкава адзначыла, што выбіраць лепшыя работы было складана паколькі гэты працэс адбываўся анлайн. "Звычайна мы раскладваем работы на падлозе і адразу бачым тэхніку выканання, колеры і тэкстуру. Для мяне гэта быў першы вопыт анлайн-судзейства. Так многа дзяцей удзельнічае ў мастацкіх конкурсах. Беларуская зямля багата на таленты. Дарагія бацькі, не давайце сваім дзецям забываць пра маляванне. Галоўнае - не крытыкуйце, а выказвайце інтарэс да работ дзіцяці, нават калі вы не разумееце, што яно намалявала, арганізоўвайце дамашнія выставы і не выкідвайце дзіцячыя работы. Усё роўна, якую прафесію ён выбера, усе ж могуць займацца творчасцю і натхняць іншых. Тым больш што сучасныя дзеці зусім не падобны да нас. Яны вельмі своеасаблівыя і малююць тое, што адчуваюць і бачаць", - дадала Гунефа Мацюшэнкава.
Выстава будзе працаваць да 21 студзеня.