16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мадрыдзе адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця пасольства Беларусі ў Іспаніі, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Францыі.
Адкрыццё пасольства будзе садзейнічаць развіццю беларуска-іспанскага супрацоўніцтва. Галоўнымі задачамі беларускай дыпмісіі ў Іспаніі стане актывізацыя гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, пашырэнне міжкультурнага дыялогу і супрацоўніцтва ў іншых гуманітарных сферах.
"У сувязі з пачаткам дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў Іспаніі быў праведзены шэраг палітычных, эканамічных і культурных мерапрыемстваў. Так, 15-16 снежня з рабочым візітам у Іспаніі знаходзілася беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра замежных спраў Яўгенам Шэстаковым", - сказалі ў пасольстве.
Намеснік міністра правёў перагаворы з дзяржаўным сакратаром Іспаніі Ігнасіа Ібанесам. Абмеркаваны шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Асаблівая ўвага была ўдзелена актывізацыі кантактаў на ўзроўні кіраўніцтва міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін, развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, пашырэнню дагаворна-прававой базы, арганізацыі сумесных культурных праектаў.
Бакі дамовіліся ў бліжэйшы час падпісаць міжурадавы мемарандум "Аб супрацоўніцтве ў сферах эканомікі і прамысловасці", якім прадугледжваецца стварэнне сумеснай гандлёва-эканамічнай камісіі, а таксама мемарандум аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі замежных спраў і пагадненне аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі юстыцыі Беларусі і Іспаніі.
16 снежня ад імя пасла Беларусі ў Іспаніі Паўла Латушкі быў дадзены ўрачысты прыём з дня адкрыцця пасольства. На прыёме прысутнічалі больш як 100 прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Мадрыдзе, палітычнай эліты і грамадскасці Іспаніі, дзелавых колаў і беларускай дыяспары, якая пражывае ў Іспаніі. Таксама праведзены шэраг іншых мерапрыемстваў.