19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля адмены віз паток турыстаў з Ізраіля ў Беларусь вырас больш як у 1,5 раза, з Турцыі - практычна ў 2,5 раза, паведаміла сёння журналістам намеснік дырэктара - начальнік аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Наталля Елісеева, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Трохдзённы бязвізавы рэжым больш за год дзейнічае ў Белавежскай пушчы - гэта дало магчымасць павялічыць колькасць замежных турыстаў практычна ў два разы. "А не ўсе ж нават ведаюць, што ёсць магчымасць наведаць пушчу без візы, таму мы цяпер гэта рэкламуем", - адзначыла Наталля Елісеева.
Увесці бязвізавы рэжым на тры дні плануецца і на Аўгустоўскім канале, адпаведны праект указа Міністэрства спорту і турызму накіравала ва ўрад. "Яшчэ абмяркоўваецца пытанне, дзе менавіта можна будзе знаходзіцца без візы - толькі на самім Аўгустоўскім канале або яшчэ і на прылеглых да яго тэрыторыях", - растлумачыла прадстаўнік Мінспорту.
Наталля Елісеева канстатавала, што на беларускай частцы канала турыстычны сэрвіс пакуль не так развіты, як у Польшчы. "Трэба прыцягваць інвестыцыі і задзейнічаць у турыстычным плане беларускую частку Аўгустоўскага канала", - дадала яна.-