17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У той час, калі гітлераўскія войскі стаялі пад Сталінградам, савецкія спецупаўнаважаныя выязджалі на фронт, да партызанаў, на эвакуіраваныя ў тыл прадпрыемствы. Мэта была сабраць матэрыялы для будучага Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны...
Чарговая старонка сумеснага праекта БЕЛТА і Беларускага дзяржаўнага музея ВАВ "Партызанскі летапіс: першыя экспанаты музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны" прысвечана пачатковаму этапу яго стварэння.
Асновай праекта стала ўнікальная калекцыя рукапісных партызанскіх часопісаў, што захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі "1" міжнароднага значэння. Штотыднёва мы расказваем пра гэтыя хронікі і публікуем алічбаваныя версіі. Кожная з іх паказвае розныя бакі жыцця партызанскіх фарміраванняў, раскрывае думкі і пачуцці людзей, якія рызыкнулі весці бой у тыле ворага.
Да 3 ліпеня 2019 года БЕЛТА будзе публікаваць партызанскія часопісы, дапаўняючы ўнікальны тэкставы кантэнт архіўнымі фатаграфіямі агенцтва.