30 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 2 ліпеня 1941 года, калі нямецкія войскі ўварваліся ў Барысаў, разам з байцамі Чырвонай Арміі старшыня Лошніцкага сельскага савета Фёдар Юданаў накіроўваўся на фронт. Дайсці ўдалося толькі да Віцебска.
Па заданні Барысаўскага райкама партыі ў родным раёне яму было даручана дзейнічаць у тыле ворага і працаваць у падполлі. Сувязны і разведчык Юданаў узначаліў партызанскі атрад, які стаў перадавым у Мінскай вобласці па разгроме варожых эшалонаў.
Новая серыя сумеснага праекта БЕЛТА і Беларускага дзяржаўнага музея ВАВ - "Партызанскі летапіс: камандзір Фёдар Юданаў" - прысвечана атраду імя К. Я. Варашылава брыгады імя М. А. Шчорса Мінскай вобласці і аднаму з яго "баявых камандзіраў".
Асновай праекта стала ўнікальная калекцыя рукапісных партызанскіх часопісаў, якая захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі "1" міжнароднага значэння.
Штотыдзень мы расказваем аб гэтых хроніках і публікуем іх версіі, пераведзеныя ў лічбавы фармат. Кожная з іх паказвае розныя бакі жыцця партызанскіх фарміраванняў, раскрывае думкі і пачуцці людзей, якія рызыкнулі весці бой у тыле ворага.
Да 3 ліпеня 2019 года БЕЛТА будзе публікаваць партызанскія часопісы, дапаўняючы ўнікальны кантэнт архіўнымі фатаграфіямі агенцтва.