12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрыўся выставачны праект "Калядны скарб", які быў зроблены сумесна з Музеем грошай Нацыянальнага банка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У ходзе інтэрактыўнай адукацыйнай праграмы "Калядкі у Купалавым доме" Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Музей грошай Нацыянальнага банка праводзяць сумесную выставу, у аснову якой пакладзена серыя памятных манет "Святы і абрады беларусаў". Сярод іх ёсць экспанаты, прысвечаныя 2000-годдзю хрысціянства. Звычайна манеты можна ўбачыць у Музеі грошай, але трапіць туды даволі складана, таму мы паказваем унікальную работу па папулярызацыі беларускай прадукцыі больш шырокай аўдыторыі. Таксама хацелася пазнаёміць наведвальнікаў з працэсам стварэння манет - ад эскіза да гіпсавай мадэлі. Акрамя манет, на выставе можна ўбачыць папяровыя грошы. Напрыклад, нерэалізаваны праект - статысячную купюру з партрэтам Янкі Купалы", - расказала загадчыца аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Марыя Барткова.
Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская падзякавала Музею грошай Нацыянальнага банка за ўдзел у выставачным праекце, бо для наведвальнікаў музея гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй стварэння памятных манет.
Праект будзе экспанавацца да 19 студзеня.