18 сакавіка, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Спявак, кампазітар, народны артыст Азербайджана Палад Бюльбюль аглы ўзначаліць журы міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2015" XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі дырэктар ДУ "Цэнтр культуры "Віцебск", дырэктар дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Аляксандр Сідарэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Сідарэнка падкрэсліў, што цяпер праходзяць нацыянальныя адборы канкурсантаў. Беларусь са сваім вакалістам вызначыцца ў пачатку красавіка. Што датычыцца саміх конкурсных мерапрыемстваў, то яны, як і ў мінулым годзе, пройдуць у Віцебску ў тры этапы - паўфінал, першы і другі дзень фіналу.
Паўфінал конкурсу плануецца правесці ў канцэртнай зале "Віцебск" (раней праходзіў у абласной філармоніі). Над праграмай сумесна з рэжысёрамі конкурсу будуць працаваць тэлерэжысёры, каб зрабіць яго яркім і відовішчным не толькі для гледачоў у зале, але і для тэлевізійнай аўдыторыі.
Кожны этап конкурсу будзе ўяўляць сабой паўнацэнны канцэрт з трансляцыяй: паўфінал "Нацыянальны хіт" (папулярныя песні краін - удзельніц конкурсу на мовах гэтых краін); першы дзень фіналу "Славянскі хіт" (папулярныя песні славянскіх аўтараў на славянскіх мовах у суправаджэнні аркестра); другі дзень фіналу "Фестывальны хіт" (песні сусветнага рэпертуару на выбар канкурсанта). У другіх аддзяленнях фінальных канцэртаў конкурсу выступяць члены журы.
Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу будзе ўключана ў праграму ўрачыстага закрыцця фестывалю, у час якой члены журы і зоркі эстрады ўручаць узнагароды канкурсантам і павіншуюць іх сваімі песнямі.