14 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У кітайскіх гарадах Шанхай, Цяньцзінь і Пекін адбыўся паэтычны флэшмоб, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа, паведамілі БЕЛТА ў беларускім пасольстве ў Кітаі.
Акцыю правяла дыпмісія сумесна з цэнтрамі вывучэння Беларусі ў Кітаі. У час мерапрыемства выкладчыкі і студэнты ў трох буйнейшых гарадах КНР дэкламавалі адзін з самых вядомых вершаў беларускага класіка "Мой родны кут, як ты мне мілы".
Стартаваў флэшмоб у Шанхаі ва Усходне-кітайскім педагагічным універсітэце, у якім з 2012 года функцыянуе першы на тэрыторыі Кітая Цэнтр вывучэння Беларусі. Дарэчы, намаганнямі цэнтра і Міністэрства культуры Беларусі да юбілейнай даты быў выдадзены зборнік беларускіх песень на кітайскай мове.
Падхапіў эстафету Цяньцзіньскі ўніверсітэт замежных моў. На працягу апошніх гадоў ён вядзе актыўную работу з ВНУ Беларусі па вывучэнні і распаўсюджванні беларускай мовы ў Кітаі. Як адзначыў прарэктар універсітэта Ван Міньюй, прымаючы пад увагу высокі ўзровень міждзяржаўнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем, а таксама доўгую гісторыю дружалюбных адносін паміж народамі, універсітэт з верасня бягучага года першым у Кітаі адкрыў спецыяльнасць бакалаўрыята "беларуская мова". Паводле слоў прарэктара, у Кітаі існуе высокая патрэбнасць у падрыхтоўцы прафесіянальных спецыялістаў, якія ведаюць мову, гісторыю і культуру Беларусі, а правядзенне такіх нефармальных мерапрыемстваў садзейнічае ўзаемаразуменню і збліжэнню моладзі дзвюх краін.
Завяршыўся флэшмоб у сценах Другога Пекінскага інстытута замежных моў, дзе таксама паспяхова працуе Цэнтр вывучэння Беларусі.
Усяго ў паэтычным флэшмобе да юбілею з дня нараджэння Якуба Коласа прынялі ўдзел каля сарака кітайскіх выкладчыкаў і студэнтаў, якія вывучаюць беларускую мову і культуру.