19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 33-і тэатральны сезон стартуе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі 20 жніўня, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.
Сезон адкрыецца спектаклем-хітом "Шлюб з ветрам", лагатыпам сезона стане "папараць-кветка" - сімвал пазнання новага. А 21 жніўня ў 19.00 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музее Якуба Коласа адбудзецца тэатралізаванае чытанне ўрыўкаў з паэмы "Сымон-музыка", арганізаванае сумесна з тэатрам.
У творчых планах - вечар беларускай камедыі, прысвечаны гораду Мінску, прэм'еры-рэфлексіі на гістарычную тэматыку, а таксама спецыяльныя праекты, цікавыя эксперыменты, тэатралізаваныя чытанні п'ес ад Цэнтра беларускай драматургіі. РТБД прадоўжыць працаваць з культурнай спадчынай, нацыянальнымі шэдэўрамі і захоўваць гістарычную памяць Беларусі.
Таксама гледачы змогуць прыняць удзел ва ўжо знаёмых праектах тэатра, такіх як "Гуляем у тэатр", "Тэатратэрапія", "Дыялогі ў закуліссі", "РТБДом", "Цікавая сустрэча".
У пачатку сезона РТБД прыме ўдзел у Міжнародным тэатральным фестывалі "Белая Вежа" ў Брэсце са спектаклем "Карней" і ў III Міжнародным ціхаакіянскім тэатральным фестывалі ва Уладзівастоку са спектаклем "Камень дурасці".
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі запрашае ўсіх азнаёміцца са сваёй афішай.