7 снежня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Клінічны медыцынскі цэнтр, які дабудоўваецца ў вёсцы Ждановічы Мінскага раёна, зможа абслугоўваць да 10 тыс. чалавек. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Ірына Абельская пасля нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аб'ект плануецца здаць у канцы 2017 года - пачатку 2018-га, на працягу студзеня ён будзе цалкам уведзены ў эксплуатацыю. Плануецца, што абслугоўвацца ў новым медыцынскім цэнтры будуць дзяржслужачыя і асобы, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё дзяржавы. Пацыентамі ўстановы таксама змогуць стаць грамадзяне, якія маюць дагаворы добраахвотнага медыцынскага страхавання або заключылі прамыя дагаворы з медцэнтрам. "Акрамя таго, кропкавыя высокатэхналагічныя напрамкі, якія будуць развівацца ў новым медыцынскім цэнтры, таксама будуць па дамоўленасці з Міністэрствам аховы здароўя даступны нашым грамадзянам. Напрыклад, аказанне кардыяхірургічнай дапамогі", - адзначыла галоўны ўрач.
Яна падкрэсліла, што гэта ўстанова аховы здароўя стане цэнтрам высокіх медыцынскіх тэхналогій, найвышэйшага кадравага прафесіяналізму і максімальна сучаснага медыцынскага абслугоўвання.
У сваю чаргу міністр аховы здароўя Валерый Малашка растлумачыў, што існуючыя фонды Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра перададуць у камунальную ўласнасць Мінска і далучаць да 2-й клінічнай бальніцы. У далейшым яна будзе пераўтворана ў гарадскі клінічны цэнтр. Гэта дасць магчымасць значна палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы, пашырыць спектр медыцынскіх паслуг і аказваць самыя высокатэхналагічныя віды дапамогі. "Цэнтр будзе мець шматпрофільны характар. Гэта будзе ўнікальная ўстанова як для Мінска, так і ў цэлым для краіны", - дадаў міністр.