1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аўтары помніка Свяцейшаму Патрыярху Аляксію II у Мінску, калектыў стваральнікаў альбома "Дзе каліна цвіла" сталі лаўрэатамі прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2015-2016 гады, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
Вышэйшым Дзяржсаветам Саюзнай дзяржавы 25 лютага прынята рашэнне аб прысуджэнні прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2015-2016 гады. Гэтыя прэміі прысуджаюцца за творы літаратуры і мастацтва, якія ўносяць вялікі ўклад ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй.
У 2016 годзе прэміі прысуджаны дырыжору, народнаму артысту СССР, мастацкаму кіраўніку і галоўнаму дырыжору Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага сімфанічнага аркестра імя П.І.Чайкоўскага Уладзіміру Федасееву - за праект "Песні ваенных гадоў".
Сярод лаўрэатаў - аўтарскі калектыў у складзе аўтара ідэі, архітэктара, протаіерэя, настаяцеля Усіхсвяцкага прыхода ў Мінску Фёдара Поўнага, скульптара, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Слабодчыкава, архітэктара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ігара Марозава - за помнік Свяцейшаму Патрыярху Аляксію II.
Прэміі Саюзнай дзяржавы ўдастоены аўтарскі калектыў у складзе народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка ансамбля "Сябры" Анатоля Ярмоленкі, кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Алега Елісеенкава, паэта Івана Юркіна - за альбом "Дзе каліна цвіла".
Урачыстае ўручэнне прэмій па традыцыі плануецца правесці на Дні Саюзнай дзяржавы на "Славянскім базары ў Віцебску" ў ліпені бягучага года.
Прэміі прысуджаюцца адзін раз у два гады. Усяго з 2002 года лаўрэатамі сталі 32 дзеячы літаратуры і мастацтва.