25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны гістарычны музей Беларусі заключыў мемарандум з Калінінградскім гісторыка-мастацкім музеем, паведамілі БЕЛТА ў беларускай установе культуры.
Там адзначылі, што Нацыянальны гістарычны музей удзяляе асаблівую ўвагу развіццю міжнароднага супрацоўніцтва з музеямі іншых краін, абмену вопытам і прыцягненню ўвагі да ролі музеяў у сістэме сучасных міжнародных адносін. Мемарандум прадугледжвае захаванне, вывучэнне і папулярызацыю культурнай спадчыны, паглыбленне навуковых і культурных сувязей паміж Беларуссю і Расіяй.
Падпісанне дакумента стала вынікам візіту ў Калінінград дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Алега Рыжкова.