15 красавіка, Мінск /Ганна Сініцкая - БЕЛТА/. Нацыянальная бібліятэка запусціла выставачны праект "Вялікая Перамога", прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, паведамілі БЕЛТА ў НББ.
Галоўная мэта праекта - захаванне гістарычнай памяці і глыбокае асэнсаванне падзей ваеннага часу. Экспазіцыя ўключае аўтэнтычныя прадметы з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, манаграфіі, энцыклапедыі, зборнікі архіўных матэрыялаў, ізадакументы і іншыя друкаваныя выданні з фонду НББ, а таксама арыгіналы і копіі ўнікальных дакументаў Нацыянальнага архіва Беларусі.
Наведвальнікі змогуць убачыць сцяг партызанскага атрада (брыгады), баявы гвардзейскі сцяг з фонду Дзяржаўнага музея гісторыі Узброеных Сіл Беларусі пры Міністэрстве абароны. Кінастудыя "Беларусьфільм" прадаставіла штодзённае адзенне партызан і падпольшчыкаў, ваенную форму, а таксама фільмы. "Аб'ёмнасць успрыманню ваенных падзей надаюць асабістыя рэчы з месцаў расстрэлу, кайданы, ланцугі, калодкі ваеннапалоннага, інструменты зброевых майстэрань, друкарскі станок, штампы, клішэ, радыёпрыёмнік падпольнай групы, хірургічныя інструменты, якія выкарыстоўваліся ў санчасцях партызанскіх атрадаў", - расказалі ў НББ.
Можна азнаёміцца і з перасовачнай выстаўкай "Лясная песня", якая дэманструе жыццё і творчасць партызан у час баявых аперацый і паміж імі. У экспазіцыю ўключаны бытавыя ілюстрацыі з рукапісных часопісаў і мастацкая творчасць беларускіх партызан. "На выстаўцы прадстаўлены таксама праект бібліятэкі "100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 года", які стартаваў 30 студзеня - роўна за 100 дзён да Перамогі. Ён уяўляе сабой штодзённую хроніку навін і падзей аж да 9 мая 1945 года, падрыхтаваную па матэрыялах перыядычнага друку Савецкай Беларусі. Пра Нацыянальную бібліятэку ў гады вайны раскажа невялікі фільм, зняты на аснове архіўных матэрыялаў", - дадалі ў НББ.
Арганізатарамі выставачнага праекта выступаюць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны архіў Беларусі і кінастудыя "Беларусьфільм".