9 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь на XIV Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск-2016", які пройдзе на юбілейным XXV Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", прадставіць мінчанка Настасся Жабко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Такое рашэнне прыняла сёння судзейская калегія, якую ўзначальвае народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі. Паводле яго слоў, меркаванне журы было аднагалосным, і Настасся атрымала права прадставіць краіну заслужана.
Стаць прадстаўніком краіны на гэтым прэстыжным песенным конкурсе прэтэндавалі 11 юных талентаў. Маладыя артысты выконвалі свае кампазіцыі для журы 25 лютага ў Маладзёжным тэатры эстрады, сёння прайшло дадатковае праслухоўванне.
XXV Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 14 па 18 ліпеня, на 12-13 і 19-20 ліпеня запланаваны дадатковыя мерапрыемствы. Асноўнай фестывальнай падзеяй застаецца конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні, таксама заўсёды вялікую цікавасць выклікае дзіцячы песенны конкурс.