10 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На конкурс "Кіно маладых" Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" было прыслана 747 работ, паведаміла БЕЛТА дырэктар гэтага конкурсу Ксенія Міля.
"Асноўная канцэпцыя конкурсу "Кіно маладых" была ў тым, каб даць маладым рэжысёрам магчымасць заявіць пра сябе і паказаць свае (у большасці дэбютныя) работы шырокаму гледачу, а таксама атрымаць ацэнку сваіх работ. На конкурс было пададзена 747 заявак з больш як 40 краін. Мы адабралі 8 фільмаў. Умовы падачы работ былі такімі: хранаметраж фільма - не меншы за 52 мінуты, узрост рэжысёра - да 40 гадоў, фільм павінен быць зняты ў 2022-2023 гадах", - расказала Ксенія Міля.
"Як дырэктар конкурсу "Кіно маладых" я ў першую чаргу абапіралася на рэгламент, і тут, на жаль, адсеялася большасць заявак. Далей я глядзела на рэжысуру, акцёрскія ансамблі і аператарскую работу, а яшчэ на тое, наколькі кіно цікавае і ці хочацца яго глядзець да канца", - дадала Ксенія Міля.
Паводле яе слоў, у пераважнай большасці заяўкі на конкурс "Кіно маладых" падавалі рэжысёры-дэбютанты, а першая работа рэжысёра - гэта ў асноўным расказ нейкай асабістай гісторыі. Напрыклад, гісторыі пераадолення цяжкасцей або першага кахання. Такія фільмы атрымліваюцца вельмі шчырымі, таму іх заўсёды цікава глядзець.