14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На XXIX Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пададзена 2087 заявак са 107 краін свету. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"XXIX Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 17 па 24 лістапада пад слоганам "Ствараем будучыню". Цырымоніі адкрыцця і закрыцця адбудуцца ў кінатэатры "Дом кіно", а конкурсныя паказы традыцыйна пройдуць у кінатэатрах "Піянер", "Цэнтральны" і "Беларусь". У гэтым годзе на фестываль паступіла рэкордная колькасць заявак: 2087 са 107 краін свету. Вядома, у першую чаргу гэта сведчыць аб аўтарытэце "Лістапада", - сказаў Валерый Грамада.
Традыцыйна ў час кінафестывалю будуць уручаны спецыяльныя прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве" і "За гуманізм і духоўнасць у кіно". Першы прыз будзе ўручаны на цырымоніі адкрыцця кінафестывалю, а другі - на цырымоніі закрыцця.
"Сфарміравана міжнароднае журы і 5 праграм фестывалю: ігравое кіно, неігравое кіно, анімацыйнае кіно, "Лістападзiк" і "Кіно маладых". У час пазаконкурснай праграмы пройдуць дні казахскага, расійскага, пакістанскага кіно. У Акадэміі мастацтваў адбудуцца дні адкрытых дзвярэй, у час якіх адбудзецца паказ кароткаметражных фільмаў студэнтаў. А на кінастудыі "Беларусьфільм" пройдзе круглы стол з удзельнікамі і гасцямі фестывалю, на якім будуць падведзены творчыя вынікі мерапрыемства", - адзначыў Валерый Грамада.
Ён дадаў, што ў час фестывалю плануецца падпісанне дагавора аб сумеснай вытворчасці кінастудыяй "Беларусьфільм" і кітайскай кінакампаніяй. Гасцям фестывалю таксама будзе прапанавана культурная праграма, у час якой яны наведаюць Нацыянальны мастацкі музей, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, храм-помнік у гонар Усіх Святых, замкавы комплекс "Мір" і іншыя ўстановы культуры.
"Фестываль плануюць адкрыць фільмам "Кіношнікі". У ім шмат адсылак да сусветнага і беларускага кінематографа, якому ў 2024 годзе спаўняецца 100 гадоў", - рэзюмаваў Валерый Грамада.