11 ліпеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. На 6-ы аматарскі міжнародны веламарафон "Суседзі", які пройдзе 16 ліпеня ў раёне Аўгустоўскага канала, паступіла больш за 300 заявак з трох краін, паведамілі БЕЛТА ў грамадскім аб'яднанні веласіпедыстаў "ВелаГродна".
"Прыняць удзел у веламарафоне можа любы жадаючы. Заезды будуць арганізаваны для розных па ступені падрыхтаванасці і ўзросце веласіпедыстаў", - адзначылі арганізатары мерапрыемства.
Для самых маленькіх веласіпедыстаў падрыхтавалі дзіцячы заезд. На дыстанцыі 200 м паспаборнічаюць дзеці ва ўзросце да 6 гадоў. Для навічкоў і дзяцей старэйшых размешчана дыстанцыя міні-марафону працягласцю 7 км. Самыя падрыхтаваныя могуць паспрабаваць свае сілы ў паўмарафоне або марафоне: даўжыня трас складзе 39 і 65 км адпаведна. Патрабаванняў для ўдзелу не шмат: наяўнасць веласіпеда, шлема і жадання.
"У параўнанні з папярэднімі гадамі трасы крыху змяніліся. Зрэшты, застаўся нязменным прынцып марафону: веласіпедысты праедуць па самых маляўнічых мясцінах у наваколлі Аўгустоўскага канала. Асфальту на маршруце будзе няшмат, праедуцца ўдзельнікі па лясных сцежках, пясчаных дарогах. Дзе-нідзе трэба будзе пераадолець невялікую водную перашкоду", - адзначылі ў грамадскім аб'яднанні "ВелаГродна".
Пакуль заяўкі на ўдзел падалі больш за 300 чалавек з Беларусі, Польшчы і Расіі. Зрэшты, зарэгістравацца можна будзе непасрэдна перад стартам. Таму арганізатары чакаюць, што на ўсе дыстанцыі сумарна выйдзе як мінімум у два разы больш веласіпедыстаў. У мінулым годзе, напрыклад, колькасць удзельнікаў перасягнула 800 чалавек.
Арганізатарамі спаборніцтваў выступаюць грамадскае аб'яднанне "ВелаГродна" і аддзел адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама.