16 лютага, Мінск /Аляксандр Новікаў - БЕЛТА/. Арганізатары чэмпіянату свету па біятлоне сярод юніёраў і юнакоў, які з 17 па 24 лютага прыме Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту (РЦАП) "Раўбічы", у ходзе ўрачыстага адкрыцця турніру ў аўторак на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску пастараюцца ўразіць балельшчыкаў і ўдзельнікаў яркім светлавым шоу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Цырымонія адкрыцця пачнецца 17 лютага ў 20.00 і прадоўжыцца не больш за гадзіну.
Лідар агульнага заліку жаночага Кубка свету па біятлоне Дар'я Домрачава, нягледзячы на перапынак у выступленнях, не плануе наведванне "Раўбічаў" у дні юніёрскага сусветнага форуму. Спартсменка заявіла аб гэтым журналістам на этапе Кубка свету ў Холменколене. Павышаная ўвага да Домрачавай можа негатыўна паўплываць на падрыхтоўку да чэмпіянату свету ў фінскім Контыялахты, які адбудзецца з 5 па 15 сакавіка.
Тым часам беларускія юнацкія і юніёрскія каманды праводзяць апошнія трэніроўкі перад стартамі ў "Раўбічах".
Акрамя айчыннай зборнай падрыхтоўку ў цэнтры зімовых відаў спорту ўжо вядуць біятланісты ЗША і Нарвегіі. Асноўная частка ўдзельнікаў прыбыла ў Беларусі 15 лютага. Чакаецца больш за 600 удзельнікаў спаборніцтваў, з якіх амаль 450 - спартсмены.
Першыя гонкі стартуюць 18 лютага.
На час чэмпіянату свету па біятлоне сярод юніёраў і юнакоў у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы" з 18 па 24 лютага для забеспячэння перавозкі гледачоў будзе арганізавана работа прыгараднага экспрэснага аўтобуснага маршруту нумар 449БЭ "ст.м. Барысаўскі тракт - Раўбічы". На маршруце будуць прадугледжаны прыпыначныя пункты "ст.м. Барысаўскі тракт", "Карбышава", "аг. Лясны", "Раўбічы" ў абодвух напрамках.
Пачатак работы маршруту (ад прыпыначнага пункта "ст.м. Барысаўскі тракт") будзе запланаваны ў 8.00, заканчэнне (апошняе адпраўленне ад прыпыначнага пункта "Раўбічы") - праз адну гадзіну пасля ўзнагароджання біятланістаў. Інтэрвал руху на маршруце нумар 449БЭ складзе 20 мінут.
Кошт праезду ад прыпыначнага пункта "ст.м. Барысаўскі тракт" да прыпыначнага пункта "Раўбічы" складзе Br14,2 тыс.