15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. I Міжрэгіянальны фестываль "Сваякі" пройдзе 19-20 жніўня ў Чэрвеньскім раёне, паведамілі БЕЛТА ў Чэрвеньскім раённым цэнтры культуры і вольнага часу.
Фестываль - арыгінальны аўтарскі праект. Ён прадугледжвае выступленні калектываў мастацкай творчасці, удзельнікі якіх звязаны паміж сабой роднаснымі адносінамі.
Старт святу дадуць 19 жніўня ў 15.00 у Смілавіцкім гарпасялковым доме культуры. Затым адбудзецца мітынг каля помніка землякам у вёсцы Шасціснопы. Тут жа, на тэрыторыі сельскага Дома культуры, плануецца адкрыць сімвал фестывалю, а ў мясцовым парку арганізаваць канцэрт і фольк-флэш-моб "Гапак у пяцёрках".
Прадоўжыцца фестывальная праграма 20 жніўня ў амфітэатры гарадскога пасёлка Смілавічы. У афішы - шэсце ўдзельнікаў, абмен сувенірамі, конкурсы, інтэрактыў "Гэй, сваяк, рабі так!", абрад "Сваяцкi пачастунак".
На працягу дня будуць працаваць фотазоны, атракцыёны, летнія кафэ, гандлёвыя пункты.