11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародныя спаборніцтвы па веласпорце на трэку "Гран-пры Мінска-2016" пройдуць на веладроме "Мінск-Арэны" 18-20 мая і збяруць звыш 100 спартсменаў больш як з 10 краін. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў кіраўнік арганізацыйнага камітэта "Гран-пры Мінска", генеральны менеджар веласіпеднага клуба "Мінск" Аляксей Іваноў.
У баявых складах з'явяцца перад дамашняй публікай гаспадары спаборніцтваў - трэкавая каманда веласіпеднага клуба "Мінск", а таксама мужчынская і жаночая зборныя Беларусі. Сваіх мацнейшых трэкавікаў у Беларусь дэлегуюць Расія, Украіна, Польшча, Літва, Азербайджан, Узбекістан, Грэцыя, Венгрыя, Славакія. На спаборніцтвы прыедуць таксама спартсмены з Фінляндыі, Латвіі, Малдовы, Туркменістана.
"У параўнанні з папярэднім годам мы вырашылі пашырыць праграму спаборніцтваў, дабавіўшы ў яе такія віды, як камандная гонка праследавання і камандны спрынт", - расказаў аб новаўвядзеннях Аляксей Іваноў. Таксама ў праграме спаборніцтваў значацца спрынт, кейрын, гіт, омніум, гонка па ачках, скрэтч. Усяго ўдзельнікі "Гран-пры Мінска-2016" разыграюць 17 камплектаў узнагарод.
Спаборніцтвы абяцаюць стаць як ніколі прадстаўнічымі: у Мінск прыедзе група зорак сусветнай велічыні, чэмпіёнаў свету і Еўропы. "Мы чакаем, што "Гран-пры Мінска-2016" збярэ па-сапраўднаму зорны склад. Статус спаборніцтваў расце з кожным годам, і спартсмены з сусветным імем на мінскім трэку ўжо не рэдкасць", - паведаміў кіраўнік аргкамітэта.
Свой удзел пацвердзілі ўжо чэмпіёнкі свету з Расіі Настасся Войнава і Дар'я Шмялёва. Азербайджан прывязе пераможцу сусветнага і кантынентальнага першынства Вольгу Ісмаілаву. Арганічна ў гэту кампанію ўпішацца і знакамітая літоўская гоншчыца, чэмпіёнка свету і Еўропы, пераможца этапаў Кубка свету Сімона Крупецкайтэ, якая ў гэтым сезоне будзе абараняць колеры трэкавай каманды веласіпеднага клуба "Мінск". Выступяць на дамашнім трэку лідары мінскай каманды: чэмпіёнка свету і Еўропы Таццяна Шаракава, чэмпіён Еўропы сярод "андараў" Раман Раманаў.
Пачатак спаборніцтваў 18 мая ў 16.00. Уваход свабодны. Падрабязную праграму "Гран-пры Мінска-2016" можна знасці на сайце www.minkcyclingclub.com.
Арганізатарам спаборніцтваў традыцыйна выступае веласіпедны клуб "Мінск" пры падтрымцы Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту, Мінгарвыканкама і Міністэрства спорту і турызму.