10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны сімпозіум літаратараў "Пісьменнік і час" упершыню пройдзе ў Мінску. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі, мерапрыемства адбудзецца 10-12 лютага і будзе папярэднічаць адкрыццю XXII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі, якая стане адной з цэнтральных падзей жыцця краіны з 11 па 15 лютага.
Прадстаўнікі літаратурнай супольнасці з 16 краін, у тым ліку з Беларусі, Расіі, Кітая, Германіі, Італіі, Францыі, Ізраіля, Украіны, Казахстана, Літвы, Таджыкістана і іншых, будуць абмяркоўваць ролю творчай інтэлігенцыі ў сучасным глабальным свеце, важнасць слова пісьменніка-сучасніка для захавання духоўна-маральных асноў развіцця грамадства і дзяржавы, высокай місіі пісьменніка ў рабоце з моладдзю, пакаленнем, якое вызначае сваю дарогу ў жыцці.
Урачыстае адкрыццё сімпозіума пройдзе 10 лютага ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Праект "Беларусь непакораная. Сіла народаў у адзінстве", прысвечаны 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, стане лейтматывам сустрэчы пісьменнікаў.
Таксама ў рамках праекта "Слова пісьменніка. Жывая сувязь пакаленняў" адбудзецца сустрэча ўдзельнікаў Міжнароднага сімпозіума літаратараў "Пісьменнік і час" з моладдзю Мінска, якая пройдзе ў гарадской ратушы.
Творчыя сустрэчы ўдзельнікаў міжнароднага сімпозіума са студэнтамі і выкладчыкамі дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка, Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбудуцца 11 лютага па праекце "Ад сэрца да сэрца". Тэма моладзі будзе актыўна абмяркоўвацца за круглым сталом з удзелам пісьменнікаў Санкт-Пецярбурга і беларускіх пісьменнікаў "Роля літаратуры ў патрыятычным выхаванні маладога пакалення".
Пленарнае пасяджэнне міжнароднага сімпозіума літаратараў "Пісьменнік і час" пройдзе 12 лютага. Мінск у дні кніжнай выстаўкі-кірмашу стане пляцоўкай для прафесійных стасункаў літаратараў і выдаўцоў.
XXII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш разгорнецца ў нацыянальным выставачным цэнтры "Белэкспа" на праспекце Пераможцаў, 14 і пройдзе з 11 па 15 лютага. Арганізатарамі сімпозіума літаратараў выступаюць Міністэрства інфармацыі, ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі", РВУ "Выдавецкі дом "Звязда". Мерапрыемства пройдзе пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.