5 чэрвеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны фестываль вулічнага мастацтва адбудзецца ў Гродне 27-28 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама.
У мерапрыемстве прымуць удзел эксперыментальныя тэатры з Мінска, Гомеля, Магілёва, Віцебска, Жлобіна, Баранавіч, Брэста, Ліды, Масквы, Санкт-Пецярбурга і Данецка. На некалькіх сцэнах у цэнтры горада ўдзельнікі прадставяць розныя напрамкі вулічнага мастацтва - будуць здзіўляць пантамімай, жывымі статуямі, фаер-шоу, яркай анімацыяй і ігрой музыкантаў.
Фестываль адкрые ўрачыстае шэсце, пасля якога на сцэне ў парку імя Жылібера адбудзецца канцэрт музыкантаў. У Швейцарскай даліне можна будзе акунуцца ў культуру рыцарства, заглянуўшы на пляцоўку аніматараў. А вечарам на пляцоўцы каля маладзёжнага цэнтра "Гродна" жыхары горада змогуць атрымаць асалоду ад выступленняў калектываў вогненнага шоу.
Шоу-праграма пачнецца а 16-й гадзіне 27 чэрвеня і завершыцца каля 01.00. У другі дзень удзельнікі фестывалю правядуць серыя арганізаваных майстар-класаў па пантаміме і фаер-шоу, а таксама адбудзецца рок-канцэрт на летняй сцэне ў гарадскім парку імя Жылібера.
Мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта, ДУ "Цэнтр культуры горада Гродна" і тэатра агню "Ergo Bibamus".