25 сакавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі адкрыецца 5 красавіка ў Полацку, паведамілі БЕЛТА ў Сафійскім саборы на базе якога і адбудзецца мерапрыемства.
Фестываль, прысвечаны 30-годдзю канцэртнай залы, адкрыецца дваццаць шосты раз і будзе праходзіць больш за месяц. Аматараў музыкі чакаюць сустрэчы з выдатнымі выканаўцамі з Беларусі, Расіі, Літвы, Эстоніі, Францыі, Ізраіля, Аргенціны і Кубы. Па традыцыі адкрыюць фестываль калектывы Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь: сімфанічны аркестр і акадэмічны хор. Таксама ў канцэрце прымуць удзел вядучыя літоўскія салісты Рамінта Вайцэскаўскайтэ, Альгірдас Янутас, народны артыст Літвы Уладзімірас Прудніковас. Будзе выканана араторыя "Поры года", якая з'яўляецца яркай кульмінацыяй творчасці Гайдна. За дырыжорскім пультам - вядомы эстонскі дырыжор Эркі Пехк.
Адзін з лепшых камерных калектываў Расіі Дзяржаўны струнны квартэт імя М.І. Глінкі і Юрый Медзянік, унікальны музыкант-мультыінструменталіст, непараўнальны выканаўца на скрыпцы, баяне і банданеёне (нацыянальным аргенцінскім інструменце), 10 красавіка падораць слухачам незвычайную праграму "Музыканты ўсміхаюцца": Віталі "Чакона" і тэма з кінафільма "Спіс Шындлера" Дж. Вільямса, вальсы Ф. Крэйслера і Танга "Por una cabeza" К. Гардэля, "Стомленае сонца" Е. Пецярбургскага і "Забыццё" А. П'яцолы, а таксама шмат іншага.
Красавіцкія сустрэчы азнаёмяць слухачоў з творчасцю смаленскага ансамбля гітарыстаў "Аmicus", капэлай хлопчыкаў Рэспубліканскага музычнага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, ігрой выдатнага піяніста заслужанага артыста Беларусі Юрыя Гільдзюка і вядомага скрыпача заслужанага артыста Расіі Сцяпана Яковіча. Эфектную праграму з твораў яркіх прадстаўнікоў музыкі Францыі XVII-XX стст. выканае французскі арганіст П'ер Жыво.
Не менш яркімі абяцаюць быць канцэрты і ў маі. Так, 6 мая адбудзецца канцэрт у рамках Сусветнага дня аргана, прысвечанага 850-годдзю Notre Dame de Paris, які будзе праходзіць у гэты дзень у розных залах і цэрквах свету. Арганістка канцэртнай залы Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая і Камерны аркестр "Еўропа-Цэнтр" пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава ў гонар гэтай падзеі выканаюць шэдэўры арганнай класікі, музыку кампазітараў, якія служылі ў розныя гады арганістамі Notre Dame de Paris, лепшыя творы для аргана і камернага аркестра. А 10 мая - дзень фестывалю, прысвечаны джазу і мюзіклу. У праграме вядомага ізраільскага ансамбля "Веllamiya" прагучаць хвалюючыя мелодыі спірычуэлсаў, музыка Джорджа Гершвіна, а таксама ўрыўкі з папулярных брадвейскіх мюзіклаў.
Вечар раманса ў выкананні салістаў і Дзяржаўнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Р. Шырмы збярэ прыхільнікаў вакальнай музыкі 16 мая, а на наступны дзень адбудзецца гала-канцэрт трох вядучых салістаў сусветнай опернай сцэны Давіда Гвініянідзэ, Сяргея Плюсніна і Юрыя Зальцмана. Іх выступленне стане данінай таленту вялікага артыста і выканаўцы Мусліма Магамаева.
Фінальны акорд фестывалю - канцэрт "Лацінаамерыканскія эстампы" прагучыць 18 мая ў Міжнародны дзень музеяў. У гэты вечар бліскучы кубінскі піяніст-віртуоз Луіс Луго ў суправаджэнні аргенцінскай спявачкі Джэсікі Мілнер прадставіць у Сафійскім саборы стаўшыя класічнымі ўзоры папулярных лацінаамерыканскіх мелодый і аргенцінскага танга. Унікальнае спалучэнне афракубінскай харызмы, стыхійнай моцы і еўрапейскага акадэмізму ператварылі Луіса Луго ў аднаго з самых яркіх і самабытных лацінаамерыканскіх піяністаў.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|