8 жніўня, Гомель /Алена Сафронава - БЕЛТА/. Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" пройдзе 23 жніўня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельшчыны. У гэтым годзе ён упершыню набыў статус міжнароднага, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аргкамітэце мерапрыемства.
Для ўдзелу ў форуме запрошаны творчыя калектывы, майстры і рамеснікі з Расіі, Украіны, Малдовы. Традыцыйна тут будуць прадстаўлены і самадзейныя артысты, народныя ўмельцы беларускага Палесся. У прыватнасці, 8 раёнаў Гомельскай вобласці (Жыткавіцкі, Ельскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Хойніцкі) і 3 раёны Брэсцкай (Лунінецкі, Пінскі, Столінскі), калектыў Нацыянальнага парку "Прыпяцкі".
Мерапрыемства прадугледжвае насычаную канцэртную праграму, выстаўкі рамеснай і народнай творчасці, якія ў поўнай меры адлюстроўваюць своеасаблівасць і ўнікальнасць палескага краю. Упершыню ў ходзе форуму адбудзецца цырымонія ўручэння памятнага знака "Ганаровы паляшук", гашэнне паштовай маркі. Намечана правядзенне конкурсу прыгажосці "Прыгажуня Палесся", фотавыстаўкі "Знакамітыя палешукі", конкурсу маладой сям'і і свята ручніка.
Асноўнымі арганізатарамі фестывалю выступаюць Брэсцкі і Гомельскі аблвыканкамы, Міністэрства культуры, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства інфармацыі, дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова "Нацыянальны парк "Прыпяцкі", ААТ "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод", ААТ "Белаграпрамбанк".
Сярод галоўных мэт фестывалю - захаванне і папулярызацыя этнакультурных традыцый Палесся, вывучэнне і падтрымка гісторыка-культурнай спадчыны ўнікальнага рэгіёна, а таксама ўмацаванне творчых сувязей жыхароў палескага прыгранічча Беларусі, Расіі, Украіны, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця турызму.
Упершыню "Кліч Палесся" быў праведзены ў 2010 годзе. Праграма фестывалю арыентавана на захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый, якія з'яўляюцца здабыткам нацыянальнай культуры Беларусі.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|