2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "Белагра" адкрываецца сёння ў Мінску, паведамляе БЕЛТА.
У гэтым годзе яна размесціцца ў Футбольным манежы (Мінск, пр. Пераможцаў, 20/2). Работа выстаўкі прадоўжыцца па 6 чэрвеня. У гэтыя ж дні пройдуць яшчэ два міжнародныя форумы - "Белферма-2015" і "Белпрадукт-2015".
Сярод удзельнікаў выставак кампаніі з Аўстрыі, Беларусі, Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Літвы, Латвіі, Нідэрландаў, Іспаніі, Італіі, Кітая, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі.
На адкрытай пляцоўцы і ўнутры Футбольнага манежа ўдзельнікі прадставяць навінкі сельскагаспадарчай тэхнікі, сучаснае абсталяванне і тэхналогіі для вытворчасці сельгаспрадукцыі, апошнія дасягненні ў галіне жывёлагадоўлі.
Увесь спектр прадуктаў харчавання, што выпускаюцца прадпрыемствамі краіны, прадэманструюць калектыўныя экспазіцыі канцэрна "Белдзяржхарчпрам", Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Белкаапсаюза, усіх абласцей рэспублікі.
Аб'яднаныя экспазіцыі беларускіх прадпрыемстваў будуць арганізаваны Мінсельгасхарчам, Міністэрствам прамысловасці, Нацыянальнай акадэміяй навук. Нацыянальныя экспазіцыі прадставяць Польшча і Венгрыя.
Прафесійным суправаджэннем выставак стане дзелавая праграма, насычаная мерапрыемствамі па розных напрамках развіцця аграпрамысловага сектара. Традыцыйна пройдуць конкурсы "Лепшая племянная карова малочнай пароды", конкурс аратых, "Чэмпіён густу", а таксама выстаўка пароднай птушкі і іншыя мерапрыемствы.