11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гледачамі новага беларускага анімацыйнага фільма "Марк Шагал. Пачатак" рэжысёра-пастаноўшчыка Алены Пяткевіч стануць наведвальнікі выставы "...А ўсмешка засталася" ў Музеі гісторыі беларускага кіно, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея Ігар Аўдзееў.
Першы паказ анімацыйнага фільма адбыўся ў дзень адкрыцця выставы, 10 сакавіка. Экспазіцыя будзе працаваць да 10 красавіка, усе яе наведвальнікі змогуць убачыць новую работу беларускіх аніматараў.
Рэжысёр-пастаноўшчык мультфільма - Алена Пяткевіч, вядомы беларускі рэжысёр-аніматар. Сцэнарый напісаў Дзмітрый Якутовіч. У аснове 13-хвіліннага фільма ляжыць кніга "Мая біяграфія". Мультфільм расказвае пра дзіцячы і юнацкі перыяды жыцця Марка Шагала, яго сям'ю, бацькоў, якіх ён вельмі любіў, пра Віцебск. У фільме паказаны галоўныя падзеі, што адбываліся з Маркам Шагалам, яго сям'ёй да ад'езду ў Санкт-Пецярбург, раскрыты вытокі творчай, паэтычнай натуры мастака, пачуццёвы погляд яго душы, адлюстраваны яркімі фарбамі на яго палотнах.
Мастаком-пастаноўшчыкам стала Ала Мацюшэўская. Вядомы майстар і мастачкі Інга Карашкевіч і Таццяна Удавічэнка, якія дапамагалі ёй, стараліся ўнікнуць у стыль Марка Шагала, перадаць яго колеравую гаму так, каб персанажы, прадметы інтэр'ера, а таксама асновы для фонаў мультфільма адлюстроўвалі атмасферу яго твораў.
Выстава ў музеі "...А ўсмешка засталася" прадстаўляе эскізы мастака-пастаноўшчыка Алы Мацюшэўскай, якія сталі асновай фонаў і вобразаў герояў мультфільма "Марк Шагал. Пачатак". Эскізы выкананы на спецыяльнай плёнцы тэмпернымі фарбамі. Потым выявы сканіраваліся, разразаліся, кампанаваліся і аніміраваліся. Арганічна дапаўняе экспазіцыю серыя мастацкіх работ, натхнёных Шагалам і Віцебскам.
Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", мультфільм пра Марка Шагала ў першую чаргу чакае фестывальнае жыццё. Сёння на кінастудыі рыхтуюцца прапановы на міжнародныя фестывалі-конкурсы. Абмяркоўваецца таксама дата вялікай прэм'еры фільма.