20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінск і Буэнас-Айрэс могуць стаць гарадамі-пабрацімамі. Такая магчымасць абмяркоўвалася на сустрэчы пасла Беларусі ў Аргенціне Віктара Козінцава з субсакратаром па правах чалавека і культуры кабінета міністраў урада Буэнас-Айрэса Клаўдзіа Аўрухам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.
"Бакі дамовіліся разгледзець магчымасць падпісання пагаднення аб пабрацімстве паміж Мінскам і Буэнас-Айрэсам, што ў далейшым будзе садзейнічаць развіццю культурнага супрацоўніцтва паміж сталіцамі абедзвюх дзяржаў", - адзначылі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Адбылося абмеркаванне пытанняў развіцця супрацоўніцтва паміж Аргенцінай і Беларуссю ў сферы культуры, правядзення сумесных мерапрыемстваў, у тым ліку фестывалю беларускай культуры ў Буэнас-Айрэсе, тыдня кіно, мастацкіх выставак.