3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мнагатомнае выданне "Рэспубліка Беларусь: дасягненні апошніх 25 гадоў" убачыць свет у 2018 годзе, паведаміла сёння журналістам міністр інфармацыі Лілія Ананіч, прадстаўляючы выстаўку да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Такі мнагатомны праект, які зафіксуе дасягненні краіны за час існавання суверэннай Беларусі, стане адным з самых яркіх кнігавыдавецкіх праектаў, якія бяруць пачатак у год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, сказала міністр.
Праграма святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання налічвае больш за 70 мерапрыемстваў. Яна ўключае ў сябе не толькі канферэнцыі, выстаўкі, круглыя сталы, але і цікавыя маштабныя выдавецкія праекты. Цяпер ідзе работа над стварэннем электроннай "Энцыклапедыі Рэспублікі Беларусь". Яна стане маштабнай шматузроўневай інтэрнэт-крыніцай дакладных ведаў аб краіне ва ўсіх галінах, таму што энцыклапедыя - гэта пашпарт краіны, адзначыла Лілія Ананіч.
Усё гэта сведчыць пра вялікую дзяржпадтрымку кнігавыдання. "У бягучым годзе больш за Br2 млн дзяржава выдзеліла на падтрымку нацыянальнага кнігавыдання. Гэта важнейшыя праекты ў галіне энцыклапедычнага кнігавыдання, мастацкай літаратуры, іншых сацыяльна значных кніг", - сказала міністр.
Яна таксама дадала, што прадстаўленая ў Савеце Рэспублікі кніжная выстаўка ў пашыраным выглядзе ў гэтым годзе праедзе па многіх еўрапейскіх краінах. Плануецца, што яе ўбачаць у Расіі, Сербіі, Чэхіі, Польшчы, а таксама ў Кітаі. "Такім чынам ва ўсім свеце мы зможам умацоўваць імідж Беларусі як высокаразвітой краіны, маючай свае гістарычная дасягненні. І менавіта таму, на гэтай трывалай глебе, мы сталі той краінай, якая вядома ў свеце сваімі інтэрнэт-дасягненнямі, новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, даследаваннямі ў космасе і розных галінах навук", - сказала Лілія Ананіч.
На выстаўцы прадстаўлены дзеючы друкарскі станок, на якім жадаючыя маюць магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі друкара.