13 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Імянная зорка заслужанай артысткі Беларусі Алены Спірыдовіч з'явілася 13 ліпеня на Алеі зорак "Славянскага базару ў Віцебску". Пліта з імем нязменнай вядучай фестывалю стала 19-й закладзенай каля галоўнай пляцоўкі міжнароднага форуму мастацтваў - Летняга амфітэатра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адна з самых вядомых тэлевядучых у Беларусі на віцебскім праекце з самых першых яго крокаў. Яна вяла рубрыкі, прэс-канферэнцыі, цырымоніі адкрыцця імянных зорак (сёння гэту функцыю выконвае ў тым ліку дырэктар форуму мастацтваў Глеб Лапіцкі), канцэрты ў Летнім амфітэатры. Адкрыццё "імяннога васілька" таксама азначае, што яго ўладальнік стаў лаўрэатам спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення".
Адкрываючы цырымонію, Глеб Лапіцкі адзначыў, што калі Алена Спірыдовіч даведалася, што менавіта яе васілёк з'явіцца на алеі ў Віцебску, першым яе пытаннем было: "Калі мяне будуць ушаноўваць, то хто будзе весці?"
Алена Спірыдовіч падзякавала ўсім, хто прыйшоў падзяліць з ёю гэту радасць. Паводле яе слоў, цяпер яна добра ведае, што не толькі яе сэрца і лепшыя ўспаміны застануцца ў Віцебску, але і імянная зорка. Тэлевядучая прызналася фестывалю ў любові і звярнулася да гледачоў: "Я схіляюся перад вамі і працую для вас".
"Я шчаслівая як ніколі. Для мяне кожны "Славянскі базар" - вялікае шчасце і мара аб адкрыцці новага, калі ён заканчваецца. А сёння думаю аб тым, што гэты дзень лёсавызначальны, і, напэўна, я буду ўспамінаць не тое што кожную мінуту, а кожную секунду гэтага дня", - запэўніла яна.
Прысутнічаць на цырымоніі ў іншай якасці для заслужанай артысткі было непрывычна. "Я столькі гадоў вяла гэту цырымонію і прадстаўляла прыгожых, дастойных, неверагодна адораных людзей. Усіх іх я вельмі добра ведала, але ніколі не ставіла сябе на іх месца, - падзялілася Алена Спірыдовіч з журналістамі. - Я заўсёды думала, што маё прызначэнне нават на гэтай плошчы зорак - каб ім было камфортна і радасна ў гэтыя мінуты. І вось гэта датычыцца мяне, і я нават не ведаю, што сказаць". Тэлевядучая дадала, што мае намер працаваць далей і зрабіць усё магчымае і нават немагчымае, каб людзі, якія ў яе паверылі і любяць, ёю ганарыліся.